Quantcast
Channel: Сьвет –Малады Фронт
Viewing all articles
Browse latest Browse all 38

Эдуард Лобаў: я на гэтай вайне, каб дапамагчы Беларусі

$
0
0

Напрыканцы ліпеня стала вядома, што сустаршыня Маладога Фронту Эдуард Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да дабраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад расейскай агрэсіі. Чым жыве былы палівязень і адзін з лідэраў моладзевага руху, якія ў яго планы – пра ўсё гэта і іншае ў шчырай размове Эдуард распавядае свайму сябру Зьмітру Дашкевічу.

На вайне ты заўсёды павінен сябе ўдасканальваць

Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч
— Вітаю, Эд, у добрым здароўі!
— Так, здароўе, дзякаваць Богу, добрае! (сьмяецца)
— Вось скажы, ня так даўно ты абвесьціў пра свой намер далучыцца да Ўкраіны ў вайне супраць Арды, як твой першы месяц на вайне?
— Нармальна, я далучыўся да добрахвотніцкага батальёна “Правага Сектара”, які разьмешчаны пад Марыюпалем.
— Гэта значыць, што ты не ўваходзіш у Тактычную групоўку “Беларусь”?
— Не, не ўваходжу. Камандаваньне “Беларусі” вырашыла, што я пакуль павінен быць у складзе таго батальёна, у якім ваюю – так і раблю.
— Наколькі цяжка табе было ўцягнуцца ў вайсковы рэжым, ці дапамагала ў гэтым плане твая служба ў Паветрана-дэсантных войсках Беларусі?
— Натуральна, мне прасьцей было ўцягнуцца, чым тым людзям, каторыя ніколі не выбягалі а 6 раніцы на марш-кідкі ці што іншае. Але таксама не магу сказаць, што я такі ўжо падрыхтаваны баец быў ці ёсьць. У войску не магчыма дасягнуць дасканаласьці. І калі ты хочаш выжыць і перамагчы, ты павінен увесь час сябе ўдасканальваць. У батальёне, калі няма прамых баявых сутыкненьняў, мы заўсёды трэніруемся і ўдасканальваем свае навыкі абсалютна па розных накірунках вайсковай навукі: ад фізухі да мінаваньня.
— А што ты адчуваў пасьля таго, як даведаўся пра сьмерць на полі бою сваіх пабрацімаў, ці разумееш ты цяпер, што сьмерць можна спаткаць у любы дзень?
— Я і раней гэта разумеў, усё ж не на курорт ехаў. Але і нейкае незразумелыя пачуцьці ўзьнікаюць таксама, калі сёньня ты бачыш чалавека, а заўтра яго забіваюць у баі. Магу сказаць, што ў такія моманты глыбей разважаеш над сэнсам стварэньня, над тым, што будзе з намі ў вечнасьці…

Каб Крым і Данбас размаўлялі па-ўкраінску, Маскве амаль немагчыма было б іх акупаваць

Эдуард Лобаў
— Глядзі, якая мяне ў Кіеве не адпускае думка. Я хаджу па вуліцах, заходжу ў кавярні і паўсюль бачу, як маладыя хлопцы пацягваюць піўко, вінцо, цыгарэткі – і, я так мяркую, ім проста начхаць, што там на Ўсходзе беларусы аддаюць свае жыцьці за Украіну. Дык скажы, на колькі гэта правільна беларусу ехаць і ваяваць за незалежнасьць Украіны, калі самім украінцам гэта вайна фіялетава.
— Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей – і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглочана як і Крым за пару сутак.
— Ёсьць такое меркаваньне, што каб ня стацца ахвяраю Расеі, дастаткова з расейскай мовы перайсці на родную – і ў Арды ня будзе ніякіх аргумантаў для нападу. Бо ў Крым і ў Данбас войскі Масквы ішлі і ідуць бараніць сваіх – расейскамоўных суграмадзянаў.
— Я мяркую, што абарона расейскамоўных – гэта толькі прыкрыцьцё. Масква і на нашу радзіму, на ВКЛ, заўсёды нападала аргумантуючы гэта тым, што ідзе бараніць праваслаўных адзінаверцаў, але галоўным было – ненажэрнасьць і прага чужой зямлі.
— Усё так, гэта прыкрыцьцё, але ж прыкрыцьцё пад аргумантамі! А што, калі б прыкрыцьця гэтага не было?
— Канечне згодны, каб Крым і Данбас размаўлялі па-ўкраінску, Маскве было б амаль немагчыма дасягнуць таго, што яна дасягнула з часоў “другога майдану” – акупацыі Крыма і палову Данбаса.

Выбары – гэта тупы фарс, які не цікавы нікому

— Зьвернем увагу да палітычных працэсаў, якія сатрасаюць Украіну ды Беларусь. Як ты лічыш, чаму ва Ўкраіне, якая ваюе з Усходнім агрэсарам, назіраецца рэзкае палітычнае супрацьстаяньне, якое перарасло ў выбухі пад Радай?
— Асабіста я лічу, што гэта ўвогуле ня справа беларусаў лезьці ва ўнутрыўкраінскі палітычны працэс. Яны маюць свабоду выбару і самі дадуць ацэнку ўладзе на выбарах. Хаця магу сказаць, што большасьць байцоў незадаволены тым, як афіцыйны Кіеў праводзіць сваю палітыку датычна Данбаса і вайны, спрабуючы гуляцца з тэрарыстамі ў нейкія дамовы.
— Мажліва ты чуў, што Лукашэнка днямі вызваліў усіх палітвязьняў, як ты лічыш, для чаго ён гэта зрабіў?
— Нічога новага, кожную пяцігодку адбываецца перадвыбарчая гульня ў дэмакратыю, накіраваная на тое, каб Захад прызнаў яго за легітымнага прэзідэнта.
— А ці могуць гэтыя “выбары” нешта зьмяніць?
— Я мяркую, нічога яны ня зьменяць. Гэта будуць самыя пасіўныя выбары за ўсю гісторыю. Ды і што чакаць ад іх, калі гэта фарс, у якім ніхто нават не заікаецца, што будзе змагацца за ўладу. Гэта проста тупы фарс, які нікому не цікавы.

Я быў маладафронтаўцам і ім застаюся

— Дык што ў гэтай сітуацыі ты параіш рабіць беларусам, якія прагнуць пераменаў?
— Я параю чакаць зручнага моманту і рыхтаваць сілы. Відавочна, што непазьбежны эканамічны і палітычны калапс рэжыму Лукашэнкі – і менавіта ў гэты момант трэба супраць яго выступіць.
— У сувязі з гэтым, якія твае планы на будучыню? 12 верасьня будзе праводзіцца Зьезд Маладога Фронту і тваё імя ў сьпісе тых, хто прапануецца ў Сойм арганізацыі. Ці зьбіраешся ты ў будучым удзельнічаць у працы МФ, палітычным жыцьці Беларусі?
— Я быў маладафронтаўцам і ім застаюся, а таксама зьвязваю свае планы з Беларусьсю. Я ўпэўнены, што Расейска-Украінская вайна – гэта тое, праз што разваліцца Маскоўская Арда; і Беларусь ня можа застацца ў баку ад гэтага працэсу. Таму я перакананы, што мой досьвед і мая дапамога, як дапамога ўсіх беларускіх добраахвотнікаў на гэтай вайне, яшчэ спатрэбіцца Беларусі. Дзеля гэтага ўсе мы тут і знаходзімся, каб потым паслужыць Беларусі.

Прэс-служба МФ


Viewing all articles
Browse latest Browse all 38