«Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры − эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня».
Антыбальшавіцкі Блёк Народаў (АБН, па-ангельску: Anti-Bolshevik Bloc of Nations, па-ўкраінску: Антибільшовицький Блок Народів) − міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіраваная на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе і Азіі. Штаб-кватэра месьцілася ў Мюнхэне.
Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў (АУН) ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 г. у Жытомірскіх лясох адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацыяў паняволеных Масквой народаў − 39 прадстаўнікоў 13 народаў.
На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іхнай рэвалюцыйнай барацьбы супраць расейскага камунізму, прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канферэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі: капітан В.Ермаковіч і старэйшы лейтэнант Г.Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад псэўданімам «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канферэнцыі).
Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі заклік, у якім заявілі пра неабходнасьці «зьнішчыць імпэрыялістычныя групы і пабудаваць новы лад на Ўсходзе Эўропы і Азіі. Гэты лад выключыць магчымасьць прыгнёту аднаго народа іншым, выключыць любы імпэрыялізм і будзе гарантаваць поўную свабоду развіцьця кожнага народа. Гэты строй павінен быць пабудаваны на сыстэме незалежнай дзяржавы кожнай нацыі на сваёй этнаграфічнай тэрыторыі».
У 1944 г. у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў паняволеных народаў, на якой былі выпрацаваныя канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы.
16 КРАСАВІКА 1946 г. у Пазынгу каля Мюнхэна ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацыяў народаў Усходняй Эўропы й Азіі быў утвораны АНТЫБАЛЬШАВІЦКІ БЛЁК НАРОДАЎ.
У Статуце арганізацыі было вызначанае:
«АБН зьяўляецца добраахвотным аб’яднаньнем свабодалюбных народаў, паняволеных бальшавізмам, з мэтай агульнай барацьбы за нацыянальна-дзяржаўнае й сацыяльнае вызваленьне.
Геапалітычная сфэра дзеяньняў АБН − гэта падбальшавіцкія Эўропа і Азія і краіны, якім пагражае бальшавізм.
На сваім сьцягу, як асноўную мэту сваёй барацьбы, АБН піша лёзунг: “СВАБОДА НАРОДАМ! СВАБОДА ЧАЛАВЕКУ!”.»
Першым старшынём Антыбальшавіцкага Блёку Народаў быў абраны беларус Станіслаў Станкевіч – доктар філязофіі, удзельнік Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, кіраўнік Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, рэдактар часопісу «Рух» і газэты «Бацькаўшчына», літаратуразнаўца, публіцыст, крытык.
У 1948 г. начале арганізацыі стаў Яраслаў Стэцько, кіраўнік Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў.
АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў і кіраўнікоў заходніх краін, у якіх перасьцерагаў іх перад маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай, арганізуе мітынгі й прэс-канфэрэнцыі.
Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказваў падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вёў шырокую прапаганду.
У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «РАЗГРОМ БАЛЬШАВІЗМУ І КАНЧАЛЬНЫ ПАДЗЕЛ РАСЕІ-ІМПЭРЫІ − ГЭТА ПЕРШАЯ МЭТА АБН, АСНОЎНАЯ ДОГМА НАШАГА ЗМАГАНЬНЯ», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры − эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня».
У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў з іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі (у тым ліку з Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігай, у склад якое ўвайшоў у 1967 г., і Эўрапейскай Радай Свабоды), актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга.
Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт.
У склад Цэнтральнага Камітэту АБН уваходзілі вядомыя беларускія дзеячы:
— прафэсар Радаслаў Астроўскі – Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады;
— генэрал-маёр Зьміцер Касмовіч − сябар ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, арганізатар і прэзыдэнт Галоўнага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту (1954 г.). Рэдактар беларускага палітычнага часопісу «Барацьба»;
— Уладзімер Тамашчык (у царкоўным жыцці Васіль) − грамадскі і рэлігійны дзеяч, публіцыст, архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі:
— Анатоль Плескачэўскі − афіцэр Беларускай Краёвай Абароны і ад’ютант Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады;
— Уладзімір Пеляса − сябар управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня;
— Міхась Сенька − сакратар парафіі імя сьв. Эўфрасінні Полацкай і Беларускага Кангрэсовага Камітэту Амэрыкі;
— Іван Касяк – актывіст Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Апроч таго ў склад Блёку ўваходзілі наступныя арганізацыі:
- Аб’яднаная Гетманская Арганізацыя (Украіна);
- Арганізацыя Ўкраінскіх Нацыялістаў;
- Балгарскі Нацыянальны Фронт;
- Вугорскі Вызвольны Рух;
- Грузынская Нацыянальная Арганізацыя4
- Зьвяз Эстонскіх Змагароў за волю;
- Казацкі Нацыянальны Вызвольны Рух4
- Камітэт «Вольная Армэнія»;
- Латыская Асацыяцыя за Змаганьня супраць Камунізму4
- Летувіскі Рух Адраджэньня;
- Нацыянальны Туркестанскі Злучаны Камітэт;
- Славацкі Вызваленчы Камітэт;
- Харвацкі Нацыянальны Вызвольны Рух;
- Чэскі Нацыянальны Камітэт;
- Чэскі Рух за Свабоду;
- Эстонскі Вызвольны Рух.
Аднак найбольшую актыўнасьць праяўлялі ўсё ж украінскія арганізацыі.
Адным з інструмэнтаў ідэалягічнай барацьбы быў інфарматыўна-прапагандовы штомесяцовы часопіс «ABN Correspondence» («Карэспандэнцыя АБН», 1950-1996), які выходзіў на ангельскай, нямецкай, французкай, гішпанскай і іншых сусьветных мовах.
Шматгадовым рэдактарам часопісу была Слава Стэцько, жонка правадыра АУН і старшыні АБН Яраслава Стэцько, якая па сьмерці мужа ў 1986 г. была абраная на пасаду кіраўнічкі Антыбальшавіцкага Блёку Народаў.
Сваю дзейнасьць Блёк спыніў у 1996 у сувязі з выкананьнем пастаўленых мэтаў.
Зьміцер Захарэвіч